Шмат гора і пакутаў зведала беларуская зямля ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Незлічоныя людскія страты, знішчаныя населеныя пункты, разбураная гаспадарка, разрабаваныя культурныя каштоўнасці – жудасны вынік ваеннага ліхалецця для нашай краіны. У Рэспубліцы Беларусь заўсёды надавалася вялікая ўвага захаванню памяці аб вайне. Аднак, у апошнія гады, калі пачалося пераасэнсаванне многіх падзей мінулага, нельга дапусціць скажэння інфармацыі пра падзеі 1941 – 1945 гг. на Беларусі.
Дзеля захавання памяці пра мільёны савецкіх грамадзян, якія сталі ахвярамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд, заканадаўчага забеспячэння абароны фундаментальных каштоўнасцей беларускага народа, устанаўлення дзейсных бар’ераў на шляху спроб фальсіфікацыі падзей і вынікаў Другой сусветнай вайны, справядлівай ацэнкі злачынстваў нацыстаў і іх памагатых, нацыяналістычных фарміраванняў у гады вайны і пасляваенны перыяд 5 студзеня 2022 года быў прыняты Закон Рэспублікі Беларусь «Аб генацыдзе беларускага народа».
З 2021 года, калі Генеральная пракуратура ўзбудзіла крымінальную справу па факце генацыду насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны час, былі ўстаноўлены новыя звесткі пра злачынства фашысцкіх захопнікаў на беларускай зямлі. Такое расследаванне праводзіцца і на тэрыторыі нашага раёна. У выніку сумеснай работы пракуратуры Пружанскага раёна, Пружанскага міжраённага аддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, аддзела культуры райвыканкама прыйшлі да высновы, што страты на нашай зямлі былі значна большымі, чым лічылася раней.
Паводле ўстаноўленых звестак ў гады Вялікай Айчыннай вайны на Пружаншчыне загінула каля 20 тысяч жыхароў. Больш за тысячу ваеннапалонных былі закатаваны ў 5 месцах прымусовага ўтрымання. Амаль поўнасцю загінула яўрэйскае насельніцтва, якое ўтрымлівалася ў пружанскім і ружанскім гета. Вечным напамінам аб злачынствах фашыстаў з’яўляюцца 57 пахаванняў Другой сусветнай вайны. Каля 5 тысяч чалавек былі адпраўлены на прымусовыя работы ў Германію і іншыя еўрапейскія краіны, многія з якіх не вярнуліся. На франтах ваявалі больш за 8 тысяч пружанцаў, каля 2,5 тысяч загінулі ці прапалі без вестак. Больш чым за тры гады акупацыі нямецка-фашысцкія карнікі і іх памагатыя на тэрыторыі нашага раёна спалілі 134 населеныя пункты, 43 з якіх не аднавіліся. Яны знішчылі і разбурылі больш за 7 тысяч жылых дамоў, звыш 10 тысяч гаспадарчых будынкаў (у тым ліку электрастанцыю, хлабазавод, маслазавод, 17 школ, 2 бальніцы, 6 клубаў) і інш.
Нельга забываць пра падзеі мінулага, неабходна захоўваць памяць маладога пакалення пра гераічныя і трагічныя старонкі нашай гісторыі, прыкладаць намаганні для захавання міру.